10 станоўчых і 10 адмоўных вынікаў для Беларуси беларуска-расейскай інтэграцыі
06.04.2020
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

10 станоўчых і 10 адмоўных вынікаў для Беларуси беларуска-расейскай інтэграцыі

Известны белорусский политолог Валерий Карбалевич подводит итоги белорусско-российской интеграции.

10 плюсаў для Беларусі ад інтэграцыі з Расеяй

1. Выкарыстаньне беларускім кіраўніцтвам постымпэрскага сындрому Расеі дзеля атрыманьня розных, найперш эканамічных, дывідэндаў ад саюзьніцкага статусу.

2. Эканамічная дапамога з боку Расеі давала Беларусі магчымасьць павольна, ашчадна для насельніцтва пераходзіць ад савецкай плянавай сыстэмы да рынкавай эканомікі.

3. Велізарны расейскі рынак, які дазваляе збываць не зусім канкурэнтаздольную прадукцыю састарэлых савецкіх прадпрыемстваў Беларусі, часта на льготных умовах (за кошт фэдэральнага бюджэту), дапамог захаваць беларускую прамысловасьць, ствараў умовы для яе адаптацыі да новай постсавецкай рэальнасьці.

4. Саюз з Расеяй дазваляе Беларусі эфэктыўна выкарыстоўваць усе магчымасьці транзытнай дзяржавы. Празь Беларусь праходзяць нафта- і газаправоды, транспартныя плыні, якія забясьпечваюць эканамічныя камунікацыі Расеі з Эўропай.

5. Адсутнасьць мяжы з РФ дазваляе Беларусі рэалізаваць статус афшора. Гэта праяўляецца ў кантрабандзе ў Расею падсанкцыйнай прадукцыі з ЭЗ, транзыце авіяпасажыраў паміж Расеяй і краінамі, зь якімі тая ў канфлікце (Украіна, Грузія). Часам у Беларусі хавалі актывы расейскія алігархі-ўцекачы (Беразоўскі, Гуцэрыеў ды інш.).

6. Дамоўленасьці ў межах Саюзнай дзяржавы забясьпечваюць ільготны статус, сацыяльную абарону беларусаў на тэрыторыі Расеі (магчымасьць жыць без рэгістрацыі, атрымліваць адукацыю, мэдычную дапамогу і іншае).

7. Адсутнасьць мяжы з Расеяй дазваляе лягчэй падтрымліваць чалавечыя, сямейныя сувязі паміж грамадзянамі Беларусі і РФ.

8. Палітыка інтэграцыі з Расеяй дапамагла перажыць псыхалягічны шок беларускага насельніцтва ад распаду СССР і краху савецкага ладу.

9. Інтэграцыя з Расеяй спрыяла захаваньню агульнай культурнай прасторы, дае магчымасьць карыстацца расейскімі культурнымі здабыткамі.

10. У 1990–2000-я гады расейскія СМІ даволі крытычна ацэньвалі палітыку Аляксандра Лукашэнкі. У выніку ў афіцыйнага Менску было шмат канфліктаў з расейскімі мэдыя, журналістамі. Беларуская апазыцыя карысталася падтрымкай з боку расейскай дэмакратычнай апазыцыі.

10 мінусаў для Беларусі ад інтэграцыі з Расеяй

1. Інтэграцыя з Расеяй стварае пастаянную пагрозу дзяржаўнасьці, незалежнасьці Беларусі. Што асабліва выразна выявілася ў 2019 годзе.

2. Саюз з Расеяй заблякаваў магчымасьць эўрапейскай інтэграцыі Беларусі.

3. Эканамічная дапамога з боку Расеі была неабходнай умовай існаваньня неэфэктыўнай беларускай сацыяльнай мадэлі. Расейскія датацыі, якія дапамаглі захаваць беларускую прамысловасьць, спрыялі, зь іншага боку, кансэрвацыі старой савецкай вытворчай базы, рэсурса- і энэргаёмістай структуры эканомікі. Яны сталі чыньнікам, які затармазіў рынкавыя рэформы. Ні прамысловая вытворчасьць, ні сельская гаспадарка не змаглі з дапамогай інтэграцыі мадэрнізавацца і заваяваць новыя рынкі.

4. Расейская падтрымка стала гарантам існаваньня дыктатарскага рэжыму ў Беларусі. Масква актыўна падмацоўвае ўсе антыдэмакратычныя захады Лукашэнкі, асьвячае фальсыфікацыю выбараў.

5. Інтэграцыя з Расеяй тармозіць працэс фармаваньня беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці, дае магчымасьць РФ трансьляваць у Беларусь ідэалёгію «русского мира».

6. Ваенны саюз з Расеяй у рамках Саюзнай дзяржавы і АДКБ зьяўляецца чыньнікам напружанасьці ў адносінах з НАТО, не дазваляе Беларусі напоўніцу рэалізаваць канцэпт краіны-міратворца, донара рэгіянальнай бясьпекі.

7. Агульная эканамічная прастора з Расеяй спрыяе вымываньню працоўных рэсурсаў зь Беларусі.

8. Расейская інфармацыйная экспансія спрыяе фармаваньню ў беларускім грамадзтве антыдэмакратычных, антыэўрапейскіх каштоўнасьцяў.

9. Саюз з Расеяй не дазваляе ў поўнай мэры разьвіваць адносіны з суседзямі (Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй).

10. Эканамічныя дамовы з Расеяй у межах Саюзнай дзяржавы, ЭАЭС абмяжоўваюць магчымасьці Беларусі заключаць пагадненьні, супрацоўнічаць зь іншымі інтэграцыйнымі саюзамі (напрыклад, Эўразьвязам) і трэцімі дзяржавамі.

Политолог: Налицо открытое столкновение между Беларусью и Россией

Последнее в рубрике