Беларуская эканоміка расьце другі месяц запар — ці пачатак гэта выхаду з крызісу?

Эксперты пра версіі нечаканага росту ВВП.

Фото: Радыё Свабода

Глод: Нацыянальны статыстычны камітэт даў першую (папярэднюю) ацэнку стану беларускай эканомікі. Паводле Белстату, валавы ўнутраны прадукт краіны за студзень-красавік 2017 году вырас у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году на 0,5%. Прычым эканоміка, калі верыць афіцыйным лічбам, расьце другі месяц запар. Больш за тое, прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны прадугледжвае павелічэньне ВУП за першую палову году толькі на 0,2%. Адгэтуль і пытаньне: што гэта — спрыяльны зьбег абставін ці пачатак сапраўднага пералому?

Пра тое, што ў сытуацыі хоча разабрацца сам кіраўнік дзяржавы, сьведчаць наступныя факты. 14 сакавіка Аляксандар Лукашэнка абвясьціў: пашыраная справаздача ўраду адбудзецца пасьля атрыманьня поўных дадзеных за першы квартал сёлетняга году. 3 красавіка міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі прызнаўся журналістам, што скарачэньне паставак расейскай нафты ў Беларусь не дазваляе краіне выканаць прагнозны паказьнік ВУП за першы квартал. Тут важна, што гэты паказьнік складаў толькі 99,6% ВУП адносна аналягічнага пэрыяду мінулага году. Менавіта адсутнасьць дастатковай колькасьці нафты і ўносіла пэсымізм у словы міністра. Аднак нечакана праз два тыдні Белстат паведаміў пра рост у 0,3%. Як бачыце, мінус таямніча зьмяніўся на плюс.

Экспэрты кажуць, што існуюць дзьве вэрсіі нечаканага росту ВУП. Першая — афіцыйныя статыстыкі наўмысна «падправілі» дадзеныя ў лепшы бок. Другая — ВУП сапраўды павялічваецца за кошт дадатковых паставак і перапрацоўкі расейскай нафты. Праўда, нарошчваньне аб’ёмаў яе паставак пачалося толькі з 14 красавіка, і ў апошнія статыстычныя дадзеныя трапіла толькі палова месяца.

Эканаміст Леў Марголін кажа: беларуская статыстыка ўключае ў сябе прадукцыю, якая сапраўды вырабленая, але частка якой залежамі асядае на складах. Пры рынкавай эканоміцы, калі прадукцыя выраблена, то на яе ёсьць пакупнікі, ёсьць заказы, яна аўтаматычна лічыцца прададзенай. А вось у Беларусі частка зробленых рэчаў нікому не патрэбная.

Калі ўсё гэта браць пад увагу, то, на мой погляд, можна прыйсьці да наступнай высновы. Адназначна ацаніць афіцыйныя лічбы пакуль не выглядае магчымым. Тут могуць быць і спэцыяльна падагнаныя лічбы, і сапраўды прырост, найперш праз павелічэньне аб’ёмаў прадуктаў з нафты.

Таму трэба пачакаць новых дадзеных. Можа, таму і прэзыдэнт Лукашэнка пакуль ня даў ацэнкі працы ўраду.

А што чакаецца па выніках усяго году? Раней прэм’ер Андрэй Кабякоў запэўніваў, што Беларусь выходзіць з рэцэсіі, і зрабіў прагноз на 2017 год — рост ВУП на 1,7%. Але аптымізм ураду не падзяляюць міжнародныя фінансавыя структуры: МВФ, Усясьветны банк, Эўразійскі банк разьвіцьця і Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця. Кожны зь іх прагназуе падзеньне беларускай эканомікі ад 0,4% да 0,8%.

І апошняе, калегі. Да якіх толькі незвычайных захадаў не дадумваюцца ў Беларусі, каб падвысіць эфэктыўнасьць эканомікі. Так, ад 16 траўня кіраўнікам прадпрыемстваў-даўжнікоў могуць абмежаваць выезд за мяжу. Прычым зроблена гэта нават ня нейкімі інструкцыямі ці ўнутранымі загадамі. Абмежаваньні на выезд за межы Беларусі прадугледжаныя зьменамі і дапаўненьнямі ў закон «Аб выканаўчай вытворчасьці». Юрысты тлумачаць, што цяпер судоваму выканаўцу далі права ня толькі арыштоўваць маёмасьць даўжнiка — юрыдычнай асобы, але і абмяжоўваць яго кіраўнікам — фізычным асобам — выезд за мяжу. У нас дагэтуль вераць, што адміністрацыйнымі мерамі можна ўздымаць эканоміку.

Карбалевіч: Эканоміка расьце насуперак прагнозам МВФ, Сусьветнага банку і незалежных беларускіх эканамістаў. Але пакуль па выніках чатырох месяцаў цяжка рабіць нейкія значныя высновы, трэба пачакаць.

Але калі казаць пра прычыны гэтай зьявы, то я б зьвярнуў увагу на некалькі чыньнікаў. Па-першае, эканоміка ня можа ўвесь час падаць. Некалі павінна было зьявіцца дно, і калі яно дасягнута, можа пачацца невялікі рост.

Па-другое, зьвярнуў бы ўвагу на базу, зь якой адбываецца параўнаньне. Справа ў тым, што гэтыя паказчыкі параўноўваюцца з студзенем-красавіком мінулага, 2016 году. Нагадаю, што на пачатку 2016 году цэны на нафту ўпалі да рэкордна нізкага ўзроўню. Былі моманты — да 35 даляраў за барэль і нават ніжэй. Паколькі беларуская эканоміка вельмі моцна залежыць ад нафтавага чыньніка, то гэта пацягнула ўніз усе валавыя паказчыкі. Але пад сярэдзіну 2016 году цэны на нафту вырасьлі, да канца году яны стабілізаваліся нават на ўзроўні 56 даляраў за барэль. То бок чым далей, тым вышэйшая будзе база для параўнаньня. І ці прадэманструе на гэтым тле беларуская эканоміка рост і надалей? Паглядзім.

Па-трэцяе, пачаўся невялічкі рост эканомікі Расеі. І гэта пацягнула за сабой і беларускую эканоміку. Адбываецца рост экспарту ў Расею.

Пра нейкія бліжэйшыя пэрспэктывы казаць цяжка, бо дзейнічаюць супрацьлеглыя чыньнікі. З аднаго боку, Расея аднавіла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ у ранейшым аб’ёме. А зь іншага боку, ускладняецца сытуацыя на сусьветным калійным рынку. Так што ўсё няпэўна.

Карней: Згодна з праграмай сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на пяць гадоў, якую ўрад прадставіў год таму, ВУП Беларусі да 2020 году сумарна павінен павялічыцца ня меней чым на 10%. Праўда, як перакананыя незалежныя экспэрты, пры адсутнасьці структурных рэформаў і захаваньні дырэктыўнага крэдытаваньня найбольш верагодным сцэнарам будзе ўсё ж далейшае скарачэньне беларускай эканомікі замест чаканага прыросту.

З дакумэнту вынікае, што павінен вырасьці ня толькі паказьнік ВУП, а і золатавалютныя рэзэрвы — да ўзроўню не ніжэй за трохмесячны імпарт, фінансаваньне плацёжнага балянсу павінна ажыцьцяўляцца без прыцягненьня новых пазыкаў. Як бачым, апошняе ўжо разыходзіцца з плянамі — дэкляраваныя кітайскія крэдытныя ўліваньні вымяраюцца мільярдамі даляраў, прыцягваюцца крэдыты са структураў Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Таксама паводле плянаў доля экспарту на пэрспэктыўныя рынкі павінна вырасьці з 5% да 10% — з паступовым павелічэньнем долі паслуг у агульным аб’ёме экспарту з 20% да 25%. Зрэшты, магчыма, у гэтым выпадку Кітай якраз і дасьць неабходны прырост.

Калі параўнаць з папярэднім этапам, дык колькасныя паказьнікі папярэдняй праграмы разьвіцьця на 2011–2015 гады дасягнутыя не былі. Замест заплянаванага росту ВУП на 62–68% за 5 гадоў ён вырас толькі на 6%. Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва павялічыліся на 34% замест заплянаваных 70–75%.

Прагноз ураду да 2020 году заснаваны на рэалізацыі базавага сцэнару, які прадугледжвае рост эканомікі на 0,2% — 0,5% у 2016 і 2017 гадах адпаведна. Вось гэтыя лічбы, падобна, і «падмалёўваюць». Пры гэтым асноўны спадзеў па-ранейшаму на рост нафтавых цэнаў. Гэта павінна паспрыяць аздараўленьню расейскай эканомікі з наступным павелічэньнем паставак туды беларускай прадукцыі.

Аднак, сыходзяцца на думцы аналітыкі, структурныя рэформы ў эканоміцы Беларусі не праглядаюцца, а ціск на буйны бізнэс з мэтай папаўненьня бюджэту наўрад ці стане стымулам для прытоку інвэстыцый у краіну. Таму задача стварыць новыя працоўныя месцы выканана ня будзе. Спроба стымуляваньня эканомікі эмісійнымі мэтадамі супярэчыць патрабаваньням міжнародных крэдытных арганізацый.

У такіх умовах задача аднавіць тэмпы росту эканомікі да ўзроўню сярэднесусьветных (3% штогод) наўрад ці дасяжная. Эканамісты мяркуюць, што пры захаваньні цяперашняй мадэлі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на працягу ўсяго пэрыяду да 2020 году будзе назірацца скарачэньне аб’ёмаў ВУП — хіба што з рэдкімі ўспышкамі росту, як цяпер.

Такім чынам, ва ўмовах захаваньня нізкіх цэнаў на нафту і адсутнасьці структурных рэформаў найбольш верагодным сцэнарам падаецца ня ўзьлёт, а падзеньне.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 3