Украінскія правайдэры распавялі, як будзе адбывацца блякаваньне «вКонтакте» і «Аднакласьнікаў»

Найбуйнейшыя ўкраінскія інтэрнэт-правайдэры мяркуюць, што працэс блякаваньня расейскіх рэсурсаў будзе дастаткова складаным і няхуткім.

«Заўтра-пасьлязаўтра блякаваньне названых рэсурсаў не адбудзецца. Гэтая працэдура прадугледжвае значных выдаткаў. Гэта вельмі трывалая працэдура, таму апэратарам неабходна даць шмат часу», — заявіў журналістам кіраўнік Інтэрнэт-асацыяцыі Ўкраіны Аляксандр Фядзіенка.

Згодна з працэдураю набыцьця юрыдычнай моцы дакумэнтаў ва Ўкраіне, патрабаваньні ўказу, падпісанага Пятром Парашэнкам 15 траўня, мусяць быць выкананыя не пазьней, чым 1 чэрвеня.

У вядучым агульнанацыянальным украінскім тэлекамунікацыйным правайдэры «ВОЛЯ» паведамілі, што цяпер аналізуюць гэты дакумэнт для прыняцьця далейшых дзеяньняў.

«Нам патрэбны час для дэталёвага аналізу і юрыдычнага і тэхнічнага аспэктаў выкананьня ўказу», — паведамілі Радыё Свабода ў прэсавай службе «ВОЛІ». Яе прадстаўніца дадала, што спэцыялісты таксама будуць вывучаць магчымыя тэрміны блякаваньня расейскіх інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама ягоны ўплыў на бізнэс-працэсы ў ІТ-сфэры.

Яшчэ адзін украінскі лідэр тэлекамунікацыйных паслуг, кампанія «Укртэлеком» (належыць групе кампаніяў украінскага алігарха Рэната Ахметава) заявіла, што ўжо пачала працы па блякаваньні расейскіх сайтаў, якія трапілі пад санкцыі.

«Укртэлеком» выконвае патрабаваньні ўказа прэзыдэнта Ўкраіны. Працэс даволі складаны і патрабуе пэўнага часу, улічваючы значную колькасьць рэсурсаў. Адпаведныя працы ўжо пачалі. Яны будуць праводзіцца паэтапна. Згодна з папярэдняй ацэнкай спэцыялістаў, працы будуць трываць ад некалькіх дзён да тыдня», — паведаміў Радыё Свабода дырэктар па карпаратыўных камунікацыях «Укртэлекома» Міхаіл Шуранаў.

Але ў той жа час спэцыялісты пакуль не адказваюць на пытаньне, ці змогуць украінскія карыстальнікі інтэрнэту атрымліваць лісты, напрыклад, ад беларусаў, з расейскіх Мэйл.ру ды Яндэкс на свае электронныя адрасы, зарэгістраваныя на ўкраінскіх ці замежных паштовых сэрвэрах.

У палітычным асяродзьдзі ня ўсе падтрымалі рашэньне пра блякаваньне расейскіх сайтаў. Парлямэнцкая фракцыя «Апазыцыйны блёк» адразу пачала патрабаваць скасаваньня ўказу.

«Гэтае сярэднявечнае рашэньне адкідвае Ўкраіну ў шэрагі таталітарных дзяржаў, парушаючы базавыя правы грамадзян на свабоду слова і інфармацыі. Забарона на доступ да сацсетак — гэта не абарона нацыянальнай бясьпекі, а забарона права людзей на атрыманьне інфармацыі», — адзначаецца ў заяве «Апазыцыйнага блёку».

Тым часам украінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка паведаміў, што закрывае ўсе свае прадстаўніцтвы ў расейскіх сацыяльных сетках: «Украінскія інтэрнэт-правайдэры павінны спыніць прадастаўляць доступ да «Вконтакте», «Одноклассники», «Яндэкс» і іншых расейскіх сэрвісаў. Усе афіцыйныя старонкі прэзыдэнта ў гэтых сэрвісах будуць зачыненыя. Заклікаю ўсіх суайчыньнікаў неадкладна выйсьці з расейскіх сэрвэраў зь меркаваньняў бясьпекі».

Пятро Парашэнка растлумачыў, што ягоная каманда выкарыстоўвала гэтыя старонкі для ўзьдзеяньня на апанэнтаў і для контарпрапаганды, «але масаваныя кібэратакі Расеі па ўсім сьвеце, у прыватнасьці — нядаўняе ўмяшальніцтва ў выбарчую кампанію ў Францыі, паказваюць, што прыйшоў час дзейнічаць інакш і больш рашуча», — заявіў украінскі прэзыдэнт.

  • Оцени статью: