«Можа, калі б амапаўцам перад паступленьнем на службу ладзілі экскурсію ў Курапацкі лес, то ня білі б людзей на вуліцах»

Гісторыя з прапановай Сьвятлане Алексіевіч узначаліць камісію па вызначэньні варыянту помніка ў Курапатах актуалізавалі тэму пра новы падыход уладаў да гэтага мэмарыялу.

Апошнім часам шмат пісалі пра тое, што палітычнае кіраўніцтва істотна памяняла сваё стаўленьне да гэтага гістарычнага месца і нарэшце прызнала тую трагічную старонку савецкага пэрыяду. Пасьля круглага стала ў «Советской Белоруссии» ў мэдыя шмат разважалі наконт таго, што ўлады імкнуцца перахапіць у незалежнага грамадзтва тэму палітычных рэпрэсій.

Аднак насамрэч ніякага спаборніцтва вакол таго, якая палітычная сіла лепш увекавечыць Курапаты, не адбываецца. Задумка ўладаў палягае зусім у іншым.

Вядома, што Аляксандар Лукашэнка ні разу не наведаў Курапаты. Тэма злачынстваў сталінізму зьяўляецца для яго палітычным табу. Усім памятнае ягонае выказваньне: «Нам навязваюць, каб мы забыліся ўсё вялікае, што зрабілі Ленін і Сталін, а гэта ж — сымбалі нашага народу» («Комсомольская правда в Белоруссии», 2006, 20 чэрвеня). Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі пракуратура атрымала заданьне даказаць, што ў Курапатах расстрэльваў ня НКУС, а гестапа ў гады вайны. Яшчэ тры разы (!) праводзілася афіцыйныя расьсьледаваньні, рабіліся раскопкі. Аднак яны толькі пацьвердзілі ранейшыя высновы: людзей расстрэльваў НКУС.

І што, цяпер яго погляды памяняліся? Вось якое даручэньне ён даў: «Мы зробім гэты мэмарыял, можа, нешта накшталт невялікай капліцы... Гэта будзе агульнае месца пакланеньня людзям, якія там загінулі».

Міністэрства культуры ў загадзе № 69 ад 24 сакавіка, якім зацьверджана палажэньне аб конкурсе эскізных праектаў памятнага знаку «Курапаты», пераклала гэтыя словы Лукашэнкі больш дакладна: ён павінен адлюстроўваць ідэю ўшанаваньня памяці ўсіх бязьвінных ахвяраў ХХ стагодзьдзя ў гісторыі Беларусі.

Ня буду цяпер дыскутаваць наконт самога помніка, капліца там павінна быць ці што яшчэ. Зьвярну ўвагу на іншае. На нашых вачах адбываецца падмена, прынцыпова зьмяняецца зьмест мэмарыялу. Бо ў ХХ стагодзьдзі на беларускай зямлі ахвяраў было шмат. Былі пацярпелыя ад царскага самаўладзьдзя. Беларусь перажыла жахі Першай сусьветнай і грамадзянскіх войнаў. Цярпелі беларусы ад рэжыму Пілсудзкага. Шмат загінула падчас фашысцкай акупацыі. Можа, такі помнік усім ахвярам і насамрэч патрэбен. Аднак у іншым месцы.

А Курапаты — месца расстрэлаў у сталінскія часы. Гэта помнік злачынстваў савецкага, камуністычнага рэжыму. І менавіта ў такім выглядзе Курапаты сталі сымбалем гістарычнай памяці народу. А ідэя ўладаў палягае якраз у тым, каб размыць, разбавіць злачынствы сталінізму, згубіць іх ці схаваць у агульным шэрагу ўсіх бязьвінных ахвяраў ХХ стагодзьдзя. І такім чынам неяк зьмікшаваць саму праблему. Бо, як памятаем, «Сталін — сымбаль нашага народу». Як той казаў, ня кіем, дык палкай. Але ж гэта будзе зусім іншы мэмарыял, ня той, які абаранялі грамадзкія актывісты чвэрць стагодзьдзя.

Калі б улады сапраўды палітычна і маральна сасьпелі да такога гістарычнага рашэньня, як прызнаньне Курапатаў у якасьці сымбалю злачынстваў камуністычнага рэжыму, то варта было б рабіць наступныя крокі і пазбаўляцца ад злачыннай спадчыны. Міністру не апранаць форму афіцэра НКУС. Трэба, каб курсанты Інстытуту нацыянальнай бясьпекі прымалі прысягу на вернасьць Радзіме не ў музэі Дзяржынскага, а ў Курапатах. Можа, калі б амапаўцам перад паступленьнем на службу ладзілі экскурсію ў Курапацкі лес, то ня білі б людзей на вуліцах.

Але, як трапна заўважыў Павал Севярынец, «прадстаўнікі рэжыму адчуваюць сваю роднасьць ня з тымі, у каго стралялі, а з тымі, хто страляў». І ў гэтым уся праблема.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 3
  • Балл: 4.7