«Насельніцтва ўжо не пасьпявае рэагаваць на пасадкі прадпрымальнікаў»

Чаму ў Беларусі працягваюцца затрыманьні самых вядомых прадпрымальнікаў? Як паўплывае на інвэстыцыйны клімат арышт бізнэсоўца Віталя Арбузава? Ці можна сказаць, што пасадкі бізнэсоўцаў сьведчаць пра ўсемагутнасьць сілавікоў?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць Яраслаў Раманчук і Леў Марголін.

Цыганкоў: 13 красавіка Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) заявіў, што «выявіў і спыніў маштабную супрацьпраўную дзейнасьць» старшыні рады дырэктараў групы кампаній Fenox Global Group Віталя Арбузава. Ён і шэраг іншых службовых асобаў абвінавачваюцца ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры.

Чаму працягваецца практыка затрыманьняў бізнэсоўцаў, якія ўваходзяць у лік самых багатых прадпрымальнікаў Беларусі?

Раманчук: У нас такія законы, якія робяць кожнага прадпрымальніка патэнцыйным парушальнікам закону. Дайшла чарга і да Арбузава. Ён пачаў рабіць бізнэс па-за межамі краіны, пачаў дывэрсыфікацыю, гуляць у розныя вэнчурныя праекты. Мяркую, альбо яго замовіў нехта з канкурэнтаў, альбо проста ў бюджэце няма грошай, і яго трэба, як і іншых, «пашчыпаць».

Калі чую афіцыйныя абвінавачваньні, што ён 7 гадоў аптымізаваў падаткі, — дык што тады рабілі гэтыя 7 гадоў нашыя органы кантролю, чаму гэтага ня бачылі? Памятаю, я сустракаўся зь ім, і ён быў вельмі аптымістычна накіраваны да беларускай улады, хваліў інвэстыцыйны клімат, казаў, што толькі ідыёты ня могуць зарабіць тут. Мяркую, цяпер ягоныя погляды на гэта зьмяніліся.

Цыганкоў: Чаму раз-пораз адбываюцца такія пасадкі? Ці гэта мае нейкі палітычны аспэкт, ці ўлады думаюць, што большасьці беларусаў гэта спадабаецца?

Раманчук: У Беларусі няма алігархаў, ёсьць «субсідархі», якім дазволена карыстацца зь дзяржаўных сродкаў альбо выконваць свае бізнэс-прапановы. Арбузаву дазволілі, ён вырас, паказаў, што можа добра кіраваць. Але — альбо не дзяліўся, альбо пачаў рэалізоўваць нейкія іншыя бізнэс-пляны. Ніякай палітыкі ў ягоных дзеяньнях не было.

Калі чалавек пачынае працаваць у сфэры вэнчурных капіталаў у Японіі, Малайзіі, ЗША — то яго бяруць пад ручкі і вядуць у ізалятар КДБ. Бо адна палова ўлады ў Беларусі ня ведае, што робіць другая.

Марголін: Прадпрымальнікі ў Беларусі ніякай асаблівай крымінальнай накіраванасьці ня маюць. У такіх пасадках я бачу дзьве прычыны. Першая — забраць ад прадпрымальнікаў грошы ў бюджэт. Тая самая мінімізацыя падаткаў — гэта ў прыродзе кожнага прадпрымальніка ва ўсіх краінах. Дзяржава павінна гэта адсочваць і адпаведна ўносіць папраўкі ў заканадаўства, каб спыніць гэта. Але не саджаць чалавека.

Арбузаў працаваў тут, і ніякіх прэтэнзіяў для яго не было. Але апошнія гады стала відавочна, што ён патроху намагаецца перавесьці свой бізнэс за мяжу. І сам, наколькі я ведаю, нейкі час жыў за межамі Беларусі. І тут была апошнія магчымасьць узяць яго за каўнер, бо заўтра ён скажа «да пабачэньня» Беларусі. Хоць ён Яраславу нібыта і расхвальваў беларускі бізнэс-клімат, але ягоныя рэальныя дзеяньні паказваюць, што ён яго ня вельмі задавальняў.

Цыганкоў: Калі Арбузаў хацеў перавесьці свае актывы за мяжу — гэта азначае, што ў Беларусі для яго не былі надта спрыяльныя ўмовы?

Марголін: Безумоўна, можа ён і хваліў іх некалі — магчыма, ня быў надта шчырым, альбо на той момант яшчэ быў наіўным. Але цяпер ягоныя дзеяньні сьведчаць, што ён адчуў, што адсюль трэба рабіць ногі.

Што да палітычнага і ідэалягічнага чыньніка, то ніякага палітычнага складніка я тут ня бачу. Гэтыя пасадкі прадпрымальнікаў ужо сталі настолькі звыклымі, што насельніцтва ўжо не пасьпявае на іх рэагаваць. Большасьць людзей ужо забываюць пра прадпрымальнікаў, якіх час ад часу пасылаюць за краты.

Цыганкоў: Ці існуе ў Беларусі ўсемагутнасьць сілавых структураў? Калі ў іншых краінах ёсьць падзел улады, у аўтарытарных краінах ёсьць алігархі, іншыя набліжаныя да кіраўніка групоўкі. Але ў Беларусі назіраецца поўнае панаваньне «органаў». Ці ёсьць тут такі аспэкт, што сілавікі такімі пасадкамі даказваюць сваю патрэбу?

​Раманчук: Сілавікі арыштоўваюць толькі тых, на каго даў дабро Лукашэнка. Я не сумняюся, што і гэтая справа была на ягоным кантролі. Калі размова ідзе пра бізнэс такога маштабу, то рашэньне ніводзін пракурор сам не прымае.

Розныя сілавыя групы безумоўна імкнуцца выслужыцца. У нас 8 спэцслужбаў, 1803 кантрольныя органы. І кожны хоча начапіць сабе зорачку, каб мець бюджэт на наступны год. Але той нэгатыў, які мае краіна і бізнэс ад пасадкі такога чалавека, яны ня ўлічваюць. Ніхто не палічыць, колькі мільярдаў даляраў не атрымае краіна. Гэты чалавек адпавядаў усім крытэрам, якія толькі можа сабе ўявіць — вытворчасьць запчастак, машынабудаўніцтва, прыцягваў сюды інвэстыцыі.

Цяпер шмат людзей, якія думалі прыехаць сюды рабіць бізнэс, задумаюцца — калі ўлады так б’юць сваіх, то навошта нам сюды лезьці?

Цыганкоў: Чыноўнікі робяць самыя прагрэсіўныя заявы пра інвэстыцыі, і на іх фоне здараюцца арышты самых вядомых у краіне прадпрымальнікаў. Дык каму будзе верыць патэнцыйны інвэстар — запэўніваньням ці рэальнасьці?

Марголін: Інвэстыцыйны клімат — гэта ў першую чаргу недатыкальнасьць прыватнай уласнасьці. Калі гэтага няма. то ўсе астатнія рэйтынгі — ня самае галоўнае. Інвэстары і ня будуць ісьці, пакуль ня будзе недатыкальнасьці прыватнай уласнасьці, пакуль сілавым структурам ня будзе супрацьстаяць незалежны суд.

Сілавых структураў у нас вельмі шмат, для іх нават усіх прадпрымальнікаў ня хопіць. Нядаўна былі апублікаваныя вельмі красамоўныя лічбы — за год колькасьць новых замежных бізнэсаў, якія прыйшлі ў Беларусь, удвая меншая за колькасьць тых, якія спынілі дзейнасьць у Беларусі. Гэта вельмі яркая ілюстрацыя.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 2
  • Балл: 3