Бежавая залежнасць: чаму беларусы выбіраюць «няўпэўненыя» колеры

Ці варта фарбаваць цэглу і ўкладваць дзяржаўныя грошы ў эстэтычнае аздабленне прадпрыемстваў?

Беларусы зменяцца, калі вернуць культуру колера

Менавіта колер вызначае, як мы жывем штодня, рэагуем на падзеі, прымаем рашэнні.

Фота: Ганна Валынец, Заўтра тваёй краіны

З дапамогай колераў мы можам зрабіць свой асяродак больш камфортным. Але каларыстыка ў Беларусі, нягледзячы на добрую школу і адукаваных спецыялістаў, у «жудасным стане», лічыць мастацтвазнаўца і выкладчыца з 40-гадовым стажам  Леніна Міронава.

—Я трапляю ў гастраном – і варта апранаць сонечныя акуляры. Рэклама слепіць, а што тычыць тавараў для дзяцей – лічыцца, што чым ярчэй, тым лепш. Але гэта не так, — даводзіць экспертка.

Этнакультуролаг  Тодар Кашкурэвіч перакананы, што да колеру ва ўспрыняцці чалавека трэба падыходзіць вельмі рацыянальна.

«Мяне цікавіць, як «паспекуляваць» колерам у нацыяльнай ідэнтычнасці Беларусі», – гаворыць Тодар Кашкурэвіч. Фота: Ганна Валынец, Заўтра тваёй краіны

Колер пісьменна выкарыстоўваецца ў сучаснай архітэктуры, падкрэслівае дызайнер і аўтар кнігі аб каларыстыцы нашай краіны Міхал Анемпадыстаў.

—Яшчэ ў ХХ стагоддзі ў архітэктуры паўстала канцэпцыя шчырых матэрыялаў, і яе абіраюць лепшыя архітэктары, – кажа ён. – Нельга фарбаваць цэглу, а цэмент мусіць застацца цэментам – гэта вельмі пераклікаецца з традыцыйным дызайнам Беларусі.

Міхал Анемпадыстаў. Фота: Ганна Валынец, Заўтра тваёй краіны

Колер не існуе сам па сабе, без матэрыялу. А ў беларускай культуры натуральныя матэрыялы ніколі не фарбаваліся.

—Вёска і сялянская культура функцыянавалі па іншым законе: прыгожа тое, што ў традыцыі, і асабістай думкі быць не можа, – адзначае Міхал Анемпадыстаў. – Традыцыя выпрацоўвалася стагоддзямі, яна заўсёды правільная.

Зараз гараджане найчасцей выбіраюць натуральныя матэрыялы, але агулам пачуваюцца разгубленымі.

—Дзесяць гадоў я прадаваў фарбы і тое, што я бачыў, кладзецца ў агульную схему: людзі не маюць прэферэнцый, – згадвае Міхал Анемпадыстаў. – Яны карыстаюцца прыкладамі з часопісаў, сеціва, ад суседзяў, але не ўпэўненыя ні ў сваім выбары, ні ў колеры, ні ў дызайне. Таму і колеры выбіраюць таксама «няўпэўненыя» – бежавы і пясочны – самыя папулярныя. А персікавы – гэта ўжо проста авангард.

Патрэбны план

Як павысіць культуру колеру ў паліграфіі, рэкламе, у вытворчасці тавараў спажывання?

Мастацтвазнаўца Леніна Міронава прапануе пачаць з выхавання дзяцей: заняткі малюнкам у алоўку, акварэлі і іншых тэхніках дапамогуць атрымаць першасны панятак пра колеравую гамонію, суадносінах прасторы і формы, экалагічнае ўздзеянне колеру.

—Магчыма, трэба пераймаць вопыт Японіі, – мяркуе этнакультуролаг Тодар Кашкурэвіч. – У першым класе там дзяўчынкі і хлопчыкі адрозніваюць ужо 36 колераў. У другім – 64. Гэта выкладаецца як дысцыпліна, як матэматыка, напрыклад.

Працягваць трэба ў прафесійнай адукацыі, навучаючы прымяненню каларыстыкі. Напрыклад, тэкстыльшчыкі ці мадэльеры могуць атрымліваць задачы распрацаваць каларыстыку мадэляў «Восень», «Лістапад», «Лыжная вандроўка».

На узроўні навукі варта вывучаць патрэбы людзей, у тым ліку з розных сацыяльных груп.

—Вытворца мусіць быць упэўнены, што яго прадукцыя адпавядае густам і патрэбам спажыўца. Зараз звярнуцца з такім пытаннем фактычна няма да каго, – кажа Леніна Міронава.

Трэба таксама даследаваць колеравыя якасці прамысловай прадукцыі і зрабіць тэарэтычныя працы аб колеры нашай культуры і колеры як паказніку развіцця нацыі.

Прадпрыемствы, якія выпускаюць каляровую прадукцыю, мусяць мець доступ да спецыялістаў і іх рэкамендацый, працягвае Леніна Міронава. Спецыялісты вывучаць сітуацыю і дадуць свае парады, пісьмова і з ілюстрацыямі.

—Калі я выкладала ў інстытуце, да мяне звярталіся з такімі запытамі. Прадпрыемствы вырашалі, як аформіць інтэр’еры. Мы з групай студэнтаў складалі колеравыя мапы літаральна для кожнага цэха. Нават сцены маглі быць розных колераў, таму што мы ўлічвалі тэхпрацэс, арыентацыю ў прасторы, – кажа яна.

Суразмоўца хацела б бачыць інстытут ці хаця б лабараторыю, якія б займаліся гэтым, але пакуль іх няма.  Дзяржава магла б вылучыць грошы на эстэтычную якасць аб’ектаў: ад фасадаў да інтэр’ераў. Ці выйсце гэта?

—Дзяржава ў лепшым выпадку можа стварыць кантрольныя органы для прыёмкі асобных тавараў, – каментуе сацыёлаг і метадолаг  Таццяна Вадалажская.

Аўтарытэтаў жа, лідараў меркавання ў гэтай сферы няма.

Зрэшты, не паўсюль з каларыстыкай праблемы, апаніруе Тодар Кашкурэвіч.

—Сацыякультурная сфера, сацыянацыянальная – іх выкарстоўваюць прафесійна ўжо зараз у дызайне, палітыцы, рэлігіі. Сістэма ёсць, і колер працуе на продаж праз псіхалогію людзей, – кажа ён.

Матэрыял падрыхтаваны па матывах дыскусіі  «Культура колера. Колер у культуры».

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 12
  • Балл: 4.5