Newsweek: Па чым Пуцін нанясе наступны ўдар? Па Ўкраіне? Грузіі? Беларусі?

Амэрыканскі часопіс Newsweek зьмясьціў артыкул, у якім аналізуюцца магчымыя варыянты дзеяньняў расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ў дачыненьні да суседніх краінаў.

Аўтар артыкулу, супрацоўнік Цэнтру ЗША і Эўропы Брукінгсаўскага інстытуту Павел Баеў, заўважае, што ў той час як Вашынгтон распрацоўвае пасьлядоўнасьць крокаў і вызначае «чырвоныя лініі», існуе рэальная небясьпека, што Пуцін зробіць яшчэ адзін «фірмовы» сюрпрыз.

Сёньня многія экспэрты ў Маскве схільныя сьцьвярджаць, што імавернасьць угоды Крамля зь цяперашняй адміністрацыяй ЗША страчаная, піша аўтар артыкулу і называе чатыры фактары, якімі можа быць сурʼёзна заклапочаная Масква.

Па-першае, намер павялічыць абаронны бюджэт ЗША на суму каля 54 мільярдаў даляраў выглядае як сурʼёзнае папярэджаньне Маскве. Расея ўкладвала значныя сродкі ў мадэрнізацыю сваёй вайсковай машыны апошнія пяць гадоў, але цяпер зацяжны эканамічны спад у краіне абумовіў скарачэньне амбіцыйных плянаў. Многія праекты, такія, як атамная падводная лодка пятага пакаленьня, адкладзеныя, тымчасам як выдаткі на апэрацыі ў Сырыі і ва Ўкраіне павялічваюцца.

Рашэньне Трампа падвысіць вайсковы патэнцыял ЗША ня толькі падкрэсьлівае амэрыканскую перавагу над расейскім вайскова-прамысловым комплексам, але і пацьвярджае намер будаваць адносіны з Масквой «з пазыцыі сілы».

Па-другое, адзначае аўтар публікацыі ў Newsweek, Трамп заявіў пра нежаданьне ўдзельнічаць у перамовах па кантролі над стратэгічнымі ўзбраеньнямі.

Трэці фактар тычыцца адносінаў ЗША і Эўрапейскага Зьвязу. Расейскія аналітыкі прагназавалі паглыбленьне рознагалосьсяў паміж Вашынгтонам і Брусэлем і глыбокі канфлікт у NATO. Замест гэтага эўрапейскія партнэры з разуменьнем паставіліся да патрабаваньня ЗША павялічыць сваю долю ў бюджэце NATO. Не ў апошнюю чаргу тут адыграла ролю і адчуваньне расейскай пагрозы.

Нарэшце, чацьвёртае: моцны ціск ЗША на самую адчувальны пункт Расеі — цану на нафту.

Прагназуючы дзеяньні Крамля ў адказ, аўтар артыкулу не выключае, што Пуцін можа актывізаваць вайсковы наступ у пэўных кірунках. Гэта Ўкраіна, у прыватнасьці, так званая «Наваросія». «Лёгка дасяжнай мэтай застаецца Грузія, і нават сяброўская Беларусь цяпер занепакоеная расейскім вайсковым ціскам», — піша Баеў.

Прадказаць канкрэтны ход Пуціна немагчыма, але чакаць яго, каб нічога не рабіць, — гэта падман, піша аўтар. Пуцін мае падставы меркаваць, што стомленасьць ад Украіны на Захадзе расьце, і што адміністрацыя Трампа не гатовая сустрэць раптоўны выклік. Для Вашынгтону і Захаду надышоў час прадставіць пэўныя пераканаўчыя аргумэнты, адзначаецца ў Newsweek.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 1
  • Балл: 3