«Колер Беларусі»

Лятучы ўніверсітэт у межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE запрашае на адкрыццё выставы Міхала Анемпадыстава.

Мастак і дызайнер Міхал Анемпадыстаў. Фота: Будзьма!

Што такое «колер» і чаму ён феномен культуры? Якія колеры першымі атрымалі свае імёны ў нашых далёкіх продкаў? Чые каларыстычныя трэнды мы перанялі і як пераасэнсавалі? Якім чынам колеры фармуюць самаідэнтычнасць?

Адказы на гэтыя пытанні вы знойдзеце на выставе мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі», якая адкрыецца ў галерэі Беларускага Саюза Дызайнераў (вул. Брылеўская, 14, уваход са двара) 28 лютага ў 19.00.

 «Колер Беларусі» – гэта міждысцыплінарнае даследванне Міхала Анемпадыстава.

– Я даследую гісторыю і ролю колераў у беларускай культурнай традыцыі, ці, калі быць дакладным, у тых культурных традыцыях, якія ўтваралі аснову для паўстання беларускай культуры і з’яўляюцца яе неад’емнымі часткамі, — распавядае Міхал Анемпадыстаў.

На выставе будзе прадстаўлена візуальная частка даследвання – аб'екты, якія з'яўляюцца носьбітамі ўлюбёных колераў беларускай культурнай традыцыі. Носьбіты гэтыя розныя. Некаторыя з іх архетыпічныя, а разам з тым, настолькі звычайныя, што мы перасталі звяртаць на іх увагу. Іншыя забыліся, зацерліся, зафарбаваліся пазнейшымі культурнымі напластаваннямі і чакаюць на сістэмнае, руплівае аднаўленне. Трэція маюць патрэбу ў дадатковым паясненні кантэкста, семантыкі і сэнсаў. 

Выстава папярэднічае выхаду ў свет аднайменнай манаграфіі, прэзентацыя якой плануецца ў сакавіку сёлета. Працягнецца выстава «Колер Беларусі» да 24 сакавіка.

Уваход вольны.

Падрабязную інфармацыю пра выставу «Колер Беларусі»  і падзеі ў яе межах шукайце на сайце Лятучага.

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 3
  • "ПРОТИВ" : 0