Чаму Беларусь саступіла ў пытаньні транзыту расейскай нафты?

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Алег Грузьдзіловіч і Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі паведаміла 4 студзеня, што дасягнута дамова з Расеяй аб тарыфах на транзыт расейскай нафты празь Беларусь.

Ужо шмат гадоў пытаньне транзыту расейскіх энэргарэсурсаў празь беларускую тэрыторыю выкарыстоўвалася ўладамі Беларусі як інструмэнт ціску на Расею, як казырная карта ў перамовах з Расеяй. Бо гэта такі чыньнік, які сьведчыць пра тое, што ня толькі Беларусь залежыць ад Расеі, але і Расея залежыць ад Беларусі. І падчас нафтагазавых войнаў Менск выкарыстоўваў пытаньне тарыфаў як сродак шантажу.

Так было і цяпер. 2 кастрычніка ў разгар спрэчак паміж Менскам і Масквою па пытаньнях газу і нафты беларускія ўлады абвясьцілі, што павышаюць тарыфы на прапампоўваньне расейскай нафты эўрапейскім краінам на 50% з 11 кастрычніка. Але потым зьявілася паведамленьне, што бакі нібыта дамовіліся па ўсіх пытаньнях, і Менск скасаваў сваё рашэньне наконт новай цаны на транзыт.

Аднак неўзабаве высьветлілася, што ні пра што не дамовіліся, нафтагазавая вайна працягваецца. Тады 25 лістапада Беларусь робіць новы ход. Было абвешчана, што Менск падвышае цану на транзыт расейскай нафты на 20,5% з 1 студзеня 2017 году.

Пачаліся перамовы. Яны скончыліся тым, што Менск прыняў прапановы Масквы. У выніку тарыфы на маршрутах «Полацктранснафта Дружба» падвысіліся на 11,76%, а на маршрутах «Гомельтранснафта Дружба» тарыфы вырасьлі на 7,7%.

Прычым цікава, што пра дамову Расея абвясьціла яшчэ 28 сьнежня, аднак Менск тады абверг гэтую інфармацыю — маўляў, яшчэ нічога ня вырашана. І вось нарэшце пагадзіўся. Дакумэнт уступае ў сілу з 1 лютага 2017 году і будзе дзейнічаць да 31 сакавіка 2017 году.

Такім чынам, дасягнуты кампраміс, які больш на карысьць Расеі. Беларусь саступіла больш. Адно з пытаньняў, якое было складнікам нафтагазавай вайны, вырашанае. Зрэшты, заўважу, што гэтая дамоўленасьць дзейнічае ўсяго толькі два месяцы. А потым — новыя перамовы.

Але засталіся нявырашанымі іншыя пытаньні: цана на газ, выплаты беларускай газавай завінавачанасьці, аб’ём міжбюджэтных кампэнсацыяў, аб’ём паставак расейскай нафты на беларускія НПЗ, аб’ём паставак беларускіх нафтапрадуктаў у Расею, пытаньне транзыту беларускіх нафтапрадуктаў праз расейскія парты.

Пра тое, што нафтагазавая вайна працягваецца, сьведчыць той факт, што Лукашэнка не падпісаў безумоўна Мытны кодэкс ЭАЭС. Таму мір на адным адрэзку не азначае заканчэньня вайны.

Глод: Валер Карбалевіч зьвярнуў нашу ўвагу на тое, што пра дамову аб транзыце Расея абвясьціла яшчэ 28 сьнежня. І што тады Менск абверг гэтую інфармацыю — маўляў, яшчэ нічога ня вырашана. Гэта вельмі важны момант. Я добра памятаю, як спачатку пра тое, што вырашэньне пераносіцца на 2017 год, паведаміў старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка. А затым віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка ўдакладніў: кампраміс знойдуць у першым квартале наступнага году.

Тады ж спадар Сямашка публічна прызнаўся: на папярэдніх перамовах здарыўся збой. Віцэ-прэм’ер сказаў, што ў кастрычніку 2016 году быў падпісаны шэраг міжурадавых пагадненьняў, зацьверджаны плян адпаведных захадаў. Але затым адбыўся пэўны збой, і «дарожную карту» чамусьці не прынялі да рэалізацыі. «Чамусьці» — гэта канкрэтнае слова спадара Сямашкі.

Калі зыходзіць з гэтага, робіцца зразумелым, што так званы «збой» ініцыяваны менавіта Масквою. Мне падаецца, што Расея невыпадкова ўзяла паўзу.

Падобна, цяпер Крэмль паставіў Лукашэнку ўмову — спачатку ён падпісвае Мытны кодэкс Эўразійскага эканамічнага саюзу, а пасьля, магчыма, будуць саступкі што да газу і нафты. Але кіраўнік Беларусі адрэагаваў на гэта па-свойму — адмовіўся прыехаць на саміты ЭАЭС і АДКБ, якія прайшлі 26 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу. Думаю, гэтая адмова і паказала марнасьць надзеі, што нафтагазавая праблема вырашыцца да канца 2016 году.

У гэтай спрэчцы ініцыятыва ў Масквы. Бо ня ёй, а Менску патрэбныя меншыя кошты на газ і большыя аб’ёмы нафты. Адпаведна сытуацыі расейскае кіраўніцтва і дзейнічае больш жорстка.

Аднак кіраўнік Беларусі паказвае, што і ў яго ёсьць некаторыя козыры. Менавіта таму ён і не падпісаў дагэтуль Мытны кодэкс Эўразійскага эканамічнага саюзу. Праца над дакумэнтам, пра якую заявіў Лукашэнка, — гэта ягоная магчымасьць трымаць Маскву ў напружанасьці.

Грузьдзіловіч: Здаецца, Беларусь у гэтым пытаньні саступіла. У прынцыпе, у Беларусі няма іншых рычагоў узьдзеяньня на Расею. Пуцін мог бы даціснуць Лукашэнку канчаткова, але ня стаў гэтага рабіць. Магчыма, цяжкая, нявырашаная палітычная сытуацыя ў адносінах з Захадам, з Амэрыкай. І для Расеі гэта азначае, што трэба ўзяць нейкую паўзу, ня ціснуць да канца, не абвастраць адносіны зь Беларусьсю — традыцыйным дэманстратыўным саюзьнікам. Таму маленькую саступачку зрабілі. Але збольшага Беларусь прайграе, бо саступае гэтыя пазыцыі. Куды яна падзенецца?

Лукашэнка робіць выгляд, што нешта залежыць ад яго, робіць дэманстратыўныя крокі, як, напрыклад, тое, што не паехаў на саміт у Санкт-Пецярбург. Але гэта ня больш як бразганьне дзьвярыма, паводзіны школьніка, які крыўдуе на настаўніка. Прыкладна такім выглядаў Лукашэнка, калі зьвяртаўся з навагодняй прамовай да беларускіх грамадзян: ён апраўдваўся. Ён сам разумее, што значных саступак яму чакаць няма чаго, бо Беларусь вельмі моцна прывязаная да расейскага рынку. Каб больш-менш яшчэ функцыянавала эканоміка Беларусі, яму трэба з усім пагаджацца. Нават з такімі патрабаваньнямі, якія вельмі балючыя для эканомікі.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 4
  • Балл: 3