Размалюй Мінск, як хочацца: Red Graphic і мастак Міця Післяк запусцілі он-лайн мапу-маляванку

На сайце mmmmapa.by месціцца мінская маляванка — анлайн-сэрвіс па размалёўванню горада, які прыдумала і стварыла інтэрактыўнае агенцтва на аснове малюнка сталічнага мастака-манументаліста. У сэрвісе «сядзяць» адначасова ўсе — горад размалёўваецца талакой і мяняецца на вачах.

Стваральнікі мапы выбралі вуліцы, праспекты і паркі ад Нямігі да галерэі «Ў» і ад Палаца Спорту да Кастрычніцкай. Па горадзе шпацыруюць пчолкі, шукальнікі вады, бразільскія карнавальныя танцоўшчыцы, спартсменка Дар’я Домрачава з дзіцячым вазком, бацька-заснавальнік Red Graphic Сяргей Восіпаў з сабачкам, Марат Казей, бобрык, аўтазак ды іншыя. Колеры для істот і аб’ектаў — на сумленні кожнага з гульцоў у маляванку.

— Тэма горада, асабліва мінская тэма, мне даўно цікавая. І прапанова Red Graphic зрабіць малюнак, які кожны зможа размалёўваць, стала дарэчнай. Я не рабіў тэхнічную схему для турыста. Гэта не дакладная геаграфія, але паэтычная псіхагеаграфія. То бок маляваліся запамінальныя і памятныя будынкі, а таксама персанажы. Напрыклад, Гадзіла. Гэта мой любімы герой тут. Вобраз адлюстроўвае дух свабоды і непрадказальнасць, магчымасць быць тым, кім хочацца. Але самае галоўнае ў мапе — калектыўнае размалёўванне, акт адначасовага мастацкага ўзаемадзеяння незнаёмцаў. Гэта той досвед, што не купіш ні за якія грошы, — кажа мінскі мастак-манументаліст Міця Післяк, які зрабіў маляванку.

Сапраўды, мапа размалёўваецца ў рэжыме анлайн адначасова некалькімі «мастакамі». Галоўнае — паспець перахапіць неабходны колер і ўпадабаны аб’ект. І адкрыць сваё сэрца на нечаканыя перамены і неспадзяванкі.

— Мы прыдумалі падарунак, які перажыве калядны вэрхал і спатрэбіцца доўгімі зімовымі вечарамі. Зараз рыхтуецца наклад папяровай мапы. З гэтым плакатам можна будзе працаваць усёй сям’ёй ці павесіць на сцяну ў офісе і крыху сарваць наладжаны працоўны працэс, —  кажа дырэктар Red Graphic Надзея Зелянкова.

Каб атрымаць папяровую мапу, пакіньце свой email на сайце mmmmapa.by.

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 2
  • "ПРОТИВ" : 0