Што такое «Белсат» і колькі беларусаў яго глядзіць?

Усё, што трэба ведаць пра першы незалежны тэлеканал у Беларусі.

Хто і як фінансуе «Белсат»?

Спосаб рэалізацыі місіі «Белсату» і абʼём фінансавання штогод зацвярджаецца міністрам замежных справаў з улікам рэкамендацыяў Дарадчай праграмнай рады, ў якую ўваходзяць прадстаўнікі МЗС Польшчы і TVP (польскае дзяржаўнае тэлебачанне).

Фінансавую ды інфраструктурную (студыі) дапамогу тэлеканалу аказвае TVP. Частка бюджэту нашага тэлеканалу – замежныя гранты.

Колькі каштуе «Белсат» і «Russia Today»?

Гадавы бюджэт «Белсату» складае каля 26 млн злотых (11 700 000 дэнамінаваных беларускіх рублёў) з іх 17 млн – сродкі, якія выдзяляе МЗС (каля Br 7 650 000).

Гадавы бюджэт прапагандысцкага тэлеканалу «Russia Today» каля ? 307 мнл. Гадавы кошт «Белсату» – 5 дзён працы «Russia Today»!

«Белсат» у космасе і ў інтэрнэце

Наш тэлеканал вяшчае праз спадарожнік Astra 4A 19,5 гадзінаў штодня. Геаграфічны ахоп – уся Еўропа.

Акрамя таго, наш наўпроставы эфір можна глядзець праз «YouTube». Усе праграмы, якія выходзяць у эфір даступныя на belsat.eu. Дарэчы, неўзабаве мы плануем запусціць 2 расейскамоўныя перадачы. Адна будзе прысвечаная міжнародным навінам, а другая – забаўляльная.

Нашая інтэрнэт-старонка працуе на чатырох мовах: беларускай, польскай, расейскай і ангельскай.

Місія «Белсату»

Галоўная мэта тэлеканалу – паказваць рэальную і праўдзівую беларускую рэчаіснасць. Але наша хата не з краю і таму мы звяртаем асаблівую ўвагу на падзеі ў суседніх з Беларуссю краінах і на тое, што адбываецца ў свеце.

Хто робіць «Белсат»?

На «Белсаце» па абодва бакі мяжы працуе каля 170 асобаў.

За 9 гадоў больш за 300 журналістаў прайшлі стажыроўку на нашым тэлеканале. Некаторыя далучыліся да нашай каманды.

У 2016 годзе за выкананне сваёй працы журналісты «Белсату» атрымалі штрафы на суму 17 500 дэнамінаваных беларускіх рублёў.

Колькі людзей нас глядзіць?

Паводле даследавання групы кампаніяў SATIO «Белсат» глядзіць 4,7 % беларусаў. 2,7 % глядзяць рэгулярна (часцей за адзін раз у тыдзень).

Паводле сацыялагічнага цэнтру «ЗЕРКАЛО-ИНФО» 22 % дарослых беларусаў маюць доступ да спадарожнікавага тэлебачання. Палова ўладальнікаў спадарожнікавых талерак дэкларуюць, што глядзяць «Белсат».

Варта адзначыць, што даследаванні аўдыторыі «Белсату» мелі характар анкетавання. Дакладных тэлеметрычных звестак у нас няма.

Для агульнай арыентацыі прапануем азнаёміцца з вынікамі тэлеметрычных даследаванняў аўдыторыі польскіх дзяржаўных тэлеканалаў, якія можна знайсці ў кабельных сетках, або глядзець як наземнае тэлебачанне (TVPINFO).

TVPINFO – 3,1 % (ад усёй патэнцыйнай аўдыторыі)

TVN24 – 3,5 %

TVP Polonia – 0,18 %

TVP3 – 0,93 %

Крыніца: тэлеметрычнае даследаванне кампаніі «Nielsen Polska»

«YouTube» і сацсеткі

Наш youtube-канал мае 19,6 млн праглядаў. У нас ёсць польскі, беларускі і ангельскі плэйліст.

На «Facebookʼу» у нас 23 000 падпісчыкаў і іх колькасць стала расце.

У мінулым месяцы 1 546 425 чалавек бачылі нашыя пасты на «Facebookʼу». За лістапад мы сабралі 247 000 лайкаў. 284 000 разоў нашымі навінамі ды артыкуламі падзяліліся. Паказнік па відэа ў «Facebookʼу» за мінулы месяц каля 300 000 праглядаў.

Акрамя таго мы маем расейскую ды польскую версію «Facebookʼу».

Асаблівай папулярнасцю наш кантэнт карыстаецца ў сацсетцы «Однокласники», дзе некаторыя нашыя відэасюжэты сабралі па 700-800 тыс праглядаў.

Наш беларускамоўны профіль на «Twitter’ы» (17 000 падпісчыкаў) за апошні месяц сабраў 367 000 клікаў. Ангельскі профіль на «Twitterʼы» мае 3 900 падпісчыкаў. Польскі – 3000.

У «Instagramʼe» нас лайкае 2700 асобаў. У vk.com – 8300.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 6
  • Балл: 3.8