Пяць фактаў пра гульню «Багач» — першую эканамічную настолку па-беларуску

З 1930 году эканамічныя гульні сталі найбольш папулярнымі настолкамі ва ўсім свеце. На сённяшні дзень беларускамоўных настольных гульняў існуе вельмі мала.


Аўтары настолкі «Багач», пачаўшы праект па збору сродкаў на выданне гульні на платформе Talaka.by, хочуць вырашыць гэтую праблему, стварыўшы цікавую і займальную гульню з нацыянальным каларытам.

«Багач» — гэта эканамічна-гістарычная гульня па-беларуску і пра Беларусь, зробленая ў супрацы з гісторыкамі, дызайнерамі і мастакамі пад кіраўніцтвам каманды «Арт Сядзібы».

Эканамічны складнік гульні навучыць фінансавай грамаце і правільнаму размеркаванню грошай на выдаткі, а гістарычная частка пакажа, якім быў Мінск у мінулых стагоддзях, якія вуліцы і шляхі давалі шанец тагачасным жыхарам набіваць свае скарбонкі і кішэні талерамі.

Настолка будзе складацца з гульнявога поля з назвамі старадаўніх вуліц Менску, гістарычнай мапы гораду, картак на маёмасць і камунальныя прадпрыемствы, адмысловых грошаў «талераў», фішак і дзвюх гральных касцей.

1. Асоба «Багача» — прэзідэнт Рады БНР
На вокладцы гульні «Багач» мы намалявалі не прыдуманага героя, а рэальную асобу. Прататыпам гэтага персанажа стаў беларус Пётр Крачэўскі — выбітны палітычны дзеяч і гісторык, дэлегат І Усебеларускага Кангрэсу, сябра Рады БНР.
З красавіка па травень 1918 ён з’яўляўся міністарам фінансаў БНР. У снежні 1919 года быў абраны прэзідэнтам Рады БНР.

Пётр Крачэўскі ў верхнім шэрагу, другі злева.

Пётр Крачэўскі казаў:«Бяз мовы няма нацыі, без культуры — няма народу і ня можа быць Незалежнасьці, сваёй уласнай дзяржавы».

Ён выконваў абавязкі прэзідэнта Рады БНР да канца жыцця ў эміграцыі, пасля прыходу бальшавікоў на нашыя землі.

2. Правапіс гульні — тарашкевіца

Каб дасягнуць большай гістарычнай рэалістычнасці і адпаведнасці атмасферы XVIII стагоддзя, у гульні «Багач» выкарыстоўваецца беларускі класічны правапіс — тарашкевіца. Гэтая моўная сістэма з’яўляецца першым унармаваным правапісам беларускай мовы.
Першая нармалізацыя беларускага правапісу і граматыкі была зроблена Браніславам Тарашкевічам у 1918 годзе. Тарашкевіца афіцыйна ўжывалася да рэформы беларускага правапісу 1933 года.

3. Горад «Багача» — Менск

У гульні «Багач» вуліцы Менску носяць свае спрадвечныя назвы, існуе конка, працуе рамізнае (прыватнае) возніцтва і два чыгуначныя вакзалы. Турма знаходзіцца ў замку, які захаваўся і да нашага часу.

Горад абнесены старадаўнім земляным валам, а млыны на рацэ Свіслач мелюць зерне.

4. Валюта гульні — талеры

У гульні «Багач» вы плаціце і атрымліваеце прыбытак не рублямі, а талерамі. На Беларусі талеры ўпершыню пачалі адбівацца ў 1564 годзе на Віленскім манетным двары. У незалежнай Беларусі спрабавалі вярнуць талеры да ўжытку, але гэтая задума не ажыццявілася.

У гульні мы ўвялі талер як нацыянальную валюту і прыдумалі для яго валютны сімвал «Ŧ».

5. Сімвалы «Багача» — Пагоня, Шасціканцовы крыж, Калюмны і Васьміканцовая зорка

Адмыслова для скрынкі гульні быў распрацаваны патэрн з асноўнымі нацыянанальнымі сімваламі: Пагоня, Шасціканцовы крыж, Калюмны і Васьміканцовая зорка. Усе гэтыя сімвалы калісьці былі выбраныя людзьмі ў народным галасаванні на сайце «Арт Сядзібы».
Спадарожнымі прадуктамі гульні стануць цішоткі, торбы, наборы налепак і паштоўкі.
Выданне наклада гульні плануецца напачатку зімы да Калядаў, яна стане выдатным святочным падарункам для ўсіх беларусаў.

Зімовым вечарам у коле сяброў ці летам на прыродзе з бацькамі, настольная гульня «Багач» дапаможа цікава і прыемна правесці вольны час, таму варта паўдзельнічаць у ажыццяўленні праекта.
У вас ёсць магчымасць спрычыніцца да стварэння і выдання першай беларускай эканамічнай настольнай гульні, а таксама стаць фундатарам, першым уладальнікам гульні, па спецыяльным кошце атрымаць дадатковыя прадукты з малюнкамі «Багача».

Падрабязней даведацца пра праект і падтрымаць яго можна на платформе Talaka.by.

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 5
  • "ПРОТИВ" : 0