ІТ-валанцёры: як адэпты новых тэхналогій прасоўваюць грамадскія інцыятывы

Актывісты «Лічбавай майстэрні» стварылі онлайн-маркет ІТ-валанцёрскага абмену. Любая грамадская арганізацыя альбо ініцыятыва можа прэтэндаваць на бясплатныя паслугі ад тэхнічных адмыслоўцаў.

– Саскочыць не атрымаееца,– распавядае пра спецыфіку новага праекта каардынатар грамадскай арганізацыі «Фаланстэр» Міхась Волчак. – Калі мы ўжо бярэм на парукі якую-небудзь ініцыятыву, мы яе абавязкова пракачаем так, каб сучасныя тэхналогіі ў ёй былі не на апошнім месцы.

Міхась Волчак

На новыя магчымасці ўжо пачалі рэагаваць самыя розныя беларускія ініцыятывы і арганізацыі. Але, як папярэджвае Міхась, «халявы не будзе». Нельга проста прыйсці і сказаць: «Нам патрэбны сайт». Перад тым як замаўляць такую задачу трэба разумець, навошта гэты сайт патрэбны і што вы з ім будзеце рабіць, калі ён узнікне.

– Таму мы звычайна працуем не з адным чалавекам ад арганізацыі, а з камандай, –распавядае Міхась Волчак. – У нас ужо ёсць алгарытм, як размаўляць з ініцыятывамі, каб зразумець, наш гэта «пацыент» ці не, бо важна абраць арганізацыі, для якіх з’яўленне IT-валанцёра будзе магчымасцю ўзаемаабмену.

А чым матываваны валанцёр? Для таго, каб намацаць, чым можна зацікавіць беларускага айцішніка, у стартавую анкету патэнцыйных валанцёраў было ўключана пытанне «Што, акрамя грошай, вы хацелі б атрымаць у якасці ўзнагароды за дапамогу ініцыятыве?». Адказ можна было выбраць з прапанаваных варыянтаў, напрыклад, прайсці стажыроўку, атрымаць рэкамендацыю ці публічную падзяку, «проста хачу пазнаёміцца з цікавымі людзьмі і дапамагчы справе», «схадзіць на піва, або бутэльку чаго-небудзь з удзельнікамі ініцыятывы»... Можна было дадаць і свой варыянт матывацыі.

Для большасці валанцёраў, як высветлілася, важна, каб праца была падцверджана сертыфікатам ад арганізацыі. Між тым, у ініцыятыў таксама пыталіся пра магчымыя «плюшкі». Насамрэч у некаторых ёсць нават невялікі бюджэт на паслугі айцішніка, але многія проста не ведаюць, як размаўляць з будучым ІТ-партнёрам.

– Мы дзелімся досведам з ініцыятывамі, як складаць тэхнічныя заданні, а затым знаёмім людзей з арганізацыі і валанцёраў, – распавядае Міхась Волчак. – У ідэале пасля гэтага яны камунікуюсь без нас. Мы толькі глядзім, каб першая задача ад ініцыятывы была выканана якасна і абодва бакі засталіся задаволеныя: і айці-валанцёр, і грамадская арганізацыя.

«Лічбавай майстэрня» працуе толькі з некамерцыйнымі арганізацыямі і ініцыятывамі. Як кажа Міхась Волчак, звычайна яны звяртаюцца с запытам альбо дапамагчы ім стварыць сайт, альбо перарарабіць той, што ўжо існуе. Ёсць задачы па дызайну і лінгвістыцы. IT-валанцёры, ў сваю чаргу, могуць абраць для сябе цікавую задачу і знайсці шмат карысных знаёмстваў.

– Мы ўпэўнены, што такім чынам тэхналогіі будуць больш працаваць на карысць грамадства, што як раз адпавядае нашай місіі, – кажа Міхась Волчак. – І зразумела, нам цікава камунікаваць з ініцыятыўнымі айцішнікамі.

За дапамогай у «Лічбавую майстэрню» ўжо звярнулася больш за 30 ініцыятыў і арганізацый. Большасць з іх маюць альбо экалагічны накірунак, альбо працуюць з людзьмі з інваліднасцю. Патрэбы грамадскасці ўжо выконваюць 10 валанцёраў. Каб уключыцца ў працу майстэрні ў якасці валанцёра альбо таго, каму падрэбна IT-дапамога, дастаткова запоўніць адпаведную анкету.

– Усе кажуць, што гэта будзе няпроста, – прызнае Міхась. – Але шмат якія з нашых праектаў пачыналіся менавіта з такіх слоў. Мы не баімся спрабаць прынцыпова новыя для Беларусі фішкі.

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 6
  • "ПРОТИВ" : 0