Гора ад розуму: як знайсці працу ў Беларусі ўладальніку еўрапескага дыплома

Чаму чыноўнікі з падазрэннем ставяцца да выпускнікоў замежных ВНУ?

Людзі з замежнай адукацыяй вяртаюцца на радзіму пасля навучання і не заўсёды знаходзяць сабе месца. Што ім можа прапанаваць дзяржава і што яны маглі б даць узамен, абмеркавалі эксперты ў Прэс-клубе.

«Яны могуць быць адаптарамі для эканомікі»

Замежны вопыт здольны далучыць беларусаў да дзелавой культуры, «якая вырошчваецца ў многіх краінах стагоддзямі», лічыць Уладзімір Карагін, старшыня ГА «Мiнскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў».

Уладзімір Карагін, Іна Кулей, Крысціна Вітушка, Салiдарнасць

Людзі, якія вучыліся за мяжой, прыносяць веданне інфраструктуры, вопыт адукацыйных сістэм розных краін

—Яны могуць быць адаптарамі нашай эканомікі да міжнароднай прасторы, — пажкрэслівае Уладзімір Карагін.

Але ў Беларусі гэтыя спецыялісты страчваюць уласныя адаптацыйныя здольнасці і не ўпісваюцца ў дзелавую супольнасць. У якасці рашэння Уладзімір Карагін прапануе сумесныя адукацыйныя праграмы з замежнымі ВНУ, часам дапоўненыя праграмай інтэграцыі.

«Дзяржустановы звяртаюць мала ўвагі на такіх маладых людзей»

Людзі з замежнай адукацыяй, на думку дырэктаркі ініцыятывы «Тваё заўтра» Іны Кулей, рэфарматары і маюць патэнцыял. Каб жыць у Беларусі і працаваць для яе, яны мусяць прайсці працэс настрыфікацыі – падцверджання дыплома. Нягледзячы на далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу, сістэма заліку дыпломаў яшчэ не наладжаная.

Пасля спецыяліст шукае працу. Паводле даследавання, якое да канца года ідзе пад кіраўніцтвам Ірыны Дунаевай, большасць выпускнікоў замежных праграм і ВНУ ўладкоўваецца на сумесных з замежнікамі ці прыватных прадпрыемствах.

—Шкада, што дзяржаўныя ўстановы мала звяртаюць увагі на такіх маладых людзей. А нам бы хацелася, каб яны займаліся там месцы, – кажа Іна Кулей.

Міністэрства эканомікі, мністэрства замежных справаў праз СМІ дэкларуюць патрэбу ў такіх спецыялістах. Першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі навучаўся ў Сарбоне, але спецыялістаў, якіх дзяржава накіравала навучацца за мяжу, у нас няшмат.

У той жа час з-за мяжы, паводле даследавання, вяртаецца каля 60% колішніх студэнтаў.

Каб спецыяліст мог знайсці сябе ў прафесійным і грамадскім рэчышчы, «Тваё заўтра» прапануе стварыць супольнасць. Кампанія вітае «цыркуляцыю розумаў» між Беларуссю і замежжам ды мае базу з 500 чалавек, якім патрэбна праца.

Сёння ініцыятыва праводзіць Кастрычніцкі кірмаш, на ўдзел у якім падалі заяўкі больш за чатыры дзясяткі спецыялістаў. Кірмаш – «спроба прадаць мэтавую групу бізнэсу, дзяржаўным установам, грамадскаму сектару», як кажа Іна Кулей. Адным з удзельнікаў Кірмашу збіраецца быць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

«Навошта ўвогуле было трэба?»

Адукацыя за мяжой для беларусаў не навіна, і самы паспяховы з такіх людзей – Францішак Скарына. Ён атрымаў у Еўропе статус доктара лекарскіх навук і стаў нашым асветнікам, наладзіў свой гандаль, — адзначае Крысціна Вітушка, адна з выпускніц замежных магістарскіх праграм:

Крысціна гандаль не наладжвала. Скончыўшы навучанне, яна доўга не магла знайсці працу, а замежная адукацыя сталася хутчэй перашкодай

—Пасля атрымання беларускай адукацыі мне пашанцавала навучацца ў Вышэйшай школе дзяржаўнага кіравання ў Польшчы, атрымаць досвед стажыравання ў ЗША і еўрапейскіх краінах, — распавядае Крысціна. — Калі ў сярэдзіне 2000-х прафесійныя працадаўцы бачылі дыплом вб адукацыі за мяжой – ставіліся насцярожана і прасілі доказаў: ці не з’яўляецца палітызаванай і навошта ўвогуле было трэба, як запісаць у працоўнай кніжцы і ці прызнаць кваліфікацыю.

Працаўладкаванне не было гладкім, пакуль дзяўчына не пачала арыентавацца на міжнародныя кампаніі. Пасля яна трапісал ў банкаўскую сістэму, дзе яе навамодныя па беларускіх мерках веды вітаюцца.

«Я тады не знайшла працу і ў 2006-м не ўбачыла зменаў»

Яшчэ адна гісторыя ад Таццяне Шабан, што навучаецца ў дактарантуры Універсітэта Вікторыя ў Канадзе:

—У Канаду трапіла ў 2004 годзе, скончыўшы ў Мінску магістратуру па міжнародных стасунках. Я тады цэлы год шукала працу і не знайшла яе. Не выключаю, што скончыўшы дактарантуру, я вярнулася б сюды. Але і ў 2006-м, пасля магістратуры ў Англіі, не ўбачыла зменаў.

Таццяна сутыкнулася з тымі ж складанасцямі, што і Крысціна: ад падазрэнняў у недабранадзейнасці да поўнага абясцэньвання вартасці адукацыі, якую, між іншым, давялося напалову аплаціць самой.

«Што я за казачок?»

Чатыры адукацыі бізнэс-кансультанта не дапамаглі яму знайсці працу ў 2016-м. Дзмітры Цалок мае больш за 50 гадоў узросту, працаваў альбо за мяжой, альбо ў замежных і прыватных арганізацыях у Беларусі – напрыклад, у ААН.

—Я чалавек з інваліднасцю, і калі прыходжу ў нашыя арганізацыі са сваімі дыпломамі, ім робіцца кепска: што я за казачок? У нашыя дзяржаўныя ўстановы колькі не спрабаваў уладкавацца – бяссэнсоўна. Я наладзіў бізнэс на шэрагу прадпрыемстваў – але ўжо год не магу ўладкаваць сябе, — рапавядае Дзмітры.

Ён мае вопыт працы ў тым ліку ў беларускай навуцы і ўпэўнены: уплываць на будучае праз гэту сферу неверагодна цяжка, як і праз любую дзяржаўную.

—Сістэма ў адукацыі грувасткая. Змены, актуальныя сёння, губляюць сэнс праз паўтары гады, а калегіі ўсё збіраюцца. Калі дапусціць да зменаў людзей, якія атрымалі адукацыю за мяжой, яны прынясуць шмат новага. Але гэтаму замінае страх, што наламаюць дроваў, — лічыць Дзмітры Цалок. — У нас шматступеньчатая сістэма, бюракратыя. А ініцыятыва караецца паўсюль.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 28
  • Балл: 5