Ігар Лялькоў: Найбольш актуальна для Беларусі стварэнне зоны свабоднага гандлю з Еўразвязам

На першым пасяджэнні Форуму палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці было вылучана шэсць прыярытэтаў рэформаў. Зараз неабходна абраць з іх адзін – той, над якім і пачнуць працаваць эксперты ў рамках праекта «Рэфорум». Пра актуальнасць гэтых прыярытэтаў, а таксама ў чым апазіцыя павінна пераканаць грамадства — старшыня Форуму, намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў.

Ігар, якія ж прыярытэты вылучылі пасля дыскусіі ўдзельнікі Форуму палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці?

— Пакуль прыярытэтаў шэсць. Першы — гэта стварэнне зоны свабоднага гандлю з Еўразвязам. Другі — рэформа пенсійнай сістэмы. Трэці – рэформа выбарчага заканадаўства. Чацверты – рэформа медыясферы. Пяты – адукацыйная рэформа. І шосты – рэформа жыллёвага заканадаўства.

Падрабязней пра гэтыя прыярытэты мы яшчэ, безумоўна, пагаворым. А пакуль пра агульныя ўражанні: як вы ацэньваеце перспектывы праекта «Рэфорум» і ўзровень першага пасяджэння Форуму?

— Першы раўнд «Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі Беларусі» – праекту, які быў да «Рэфоруму») , зайшоў у тупік. Яго неабходна было ажывіць, паспрабаваць правесці яго ў новым фармаце. І такі фармат быў вызначаны. Наколькі ён будзе паспяховым, наколькі ён здольны выпрацаваць канкрэтныя рэчы, якія, як кажуць, можна «памацаць рукамі» – пакуль казаць складана. Праект разлічаны на два гады, і пакуль ён толькі-толькі пачаўся. Таму падвесці некаторыя вынікі можна будзе недзе праз паўгода. Тады будзе больш відавочна – ці здольны «Рэфорум» мець шанцы на поспех. Гэта што тычыцца праекта наогул.

Першае пасяджэнне Форуму прайшло даволі паспяхова. Відавочна, што яго ўдзельнікі ўскладаюць пэўныя спадзяванні на гэты праект і таму ўключыліся ў працу дастаткова актыўна. У пасяджэнні ўдзельнічалі прадстаўнікі дванаццаці з пятнаццаці арганізацый, якія ўвогуле ўтвараюць сёння Форум палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Ніхто не адседжваўся, усе актыўна выказваліся. Таму відавочна, што цікавасць да праекту, да сумеснай працы ёсць. І гэта ўжо добра.

Прынамсі, ужо ёсць і адзін добры вынік – стварылася новая пляцоўка дыялогу ўнутры палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Такіх пляцовак не вельмі шмат у Беларусі, таму наяўнасць яшчэ адной – ўжо станоўчы вынік.

— Ці створаны ўжо план працы Форуму?

— Агульны план закладзены ў канцэпцыі праекту. Нагадаю, што на працягу двух гадоў Форум павінен выпрацаваць чатыры накірункі рэформаў – па аднаму кожныя паўгода. Яны і стануць замовай для экспертнай супольнасці. Вось гэта асноўны, рамачны план. Пасля, праз паўгода, эксперты прадстаўляюць нам свае распрацоўкі. Яны зацвярджаюцца Форумам, і пасля пачынаецца працэс прасоўвання канцэпцыі рэформы ў масы.

Наступнае пасяджэнне прызначана ўжо на 15 ліпеня. Падчас его эксперты Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў павінны прадставіць аналіз таго, што ўжо напрацавана ў сферы рэфармавання па тых шасці накірунка[, якія былі вызначаны Форумам.

Спадзяюся, на гэтым пасяджэнні, з улікам дадзеных BISS , мы будзем здольныя вызначыць з шасці прыярытэтаў адзін, над якім і пачнуць працаваць эксперты.

— Вернемся да прыярытэта ў , вызначаны х Форумам. На ваш асабісты погляд — які з іх сёння найбольш актуальны для нашай краіны?

— Калі зыходзіць з таго, што мы хочам атрымаць ад гэтага праекту нейкую даданую вартасць, лічу, што трэба браць найменш распрацаваныя накірункі. З таго, што было прапанавана, на маю асабістую думку, найбольш актуальна стварэнне зоны свабоднага гандлю з Еўразвязам. З аднаго боку, тут менш за ўсе напрацовак. З другога – гэта вельмі важна сёння для Беларусі.

Апазіцыю, як і грамадзянскую супольнасць, часам справядліва, часам не, але папракаюць у непрымірымых сварках і няздольнасці дамовіцца перш-наперш паміж сабой. Ці існуе пагроза таго, што і ў гэты раз добрая, здаецца, справа будзе пахавана ў бясконцых спрэчках? І як ставяцца да гэтай праблемы ўдзельнікі Форуму?

— Ведаеце, на першым пасяджэнні, кожная арганізацыя імкнулася пераканаць прысутных у тым, што менавіта вылучаны ёю прыярытэт з’яўляецца найбольш актуальным для грамадства. Але мы павінны вучыцца чуць адзін аднаго і пагаджацца. І вось як раз на глебе неабходных для краіны рэформ згоду і можна будзе знайсці, таму што ў рэшце рэшт усе мы зацікаўлены ў ажыццяўленні і такіх праектаў, і рэформ наогул. І тут паразуменне можна знайсці значна хутчэй, чым у некаторых палітычных пытаннях. Таму я спадзяюся на канструктыўную працу і на тое, што мы зможам прыйсці да агульных рашэнняў.

У шматлікіх канцэпцый рэформ, якія былі ў розныя часы распрацаваны ў нашай краіне, ёсць агульная рыса: вельмі мала з іх было нават часткова ўвасоблена ўладай на практыцы. Ці ёсць, на ваш погляд, шанец на тое, што ў гэты раз становішча будзе іншым і распрацоўкі незалежных экспертаў нейкім чынам зацікавяць тых, хто прымае рашэнні наконт рэфармавання?

— Ёсць важны фактар: акрамя апазіцыі і грамадскага сектару ёсць яшчэ і трэці гулец – гэта Еўрапейскі звяз. Уласна кажучы, ён гэты праект і ініцыяваў. Таму мы разлічваем: калі мы зможам стварыць дэталёвыя і абгрунтаваныя канцэпцыі рэформ, мы атрымаем дапамогу Еўропы і ў перакананні беларускай улады ў тым, што гэта неабходна для Беларусі. А казаць сёння, што ўлада не зацікаўлена ў дыялогу з Еўразвязам, на мой погляд, нельга. Ёсць спадзяванне на тое, што реалізацыя рэформ будзе адной з умоў для паляпшэння адносін з ЕЗ, а гэта можа быць моцным аргументам для кіраўніцтва краіны.

Відаць , непрыемнае пытанне, але ж вось дадзеныя соцыялагічных даследванняў. Згодна з імі, толькі тры адсоткі апытаных беларусаў лічаць, што рэформы павінна распрацоўваць палітычная апазіцыя. Вам не здаецца, што гэта – палітычны прысуд?

— Гэта не прысуд, а выклік. І мы сваёй працай, у тым ліку ў межах праекту «Рэфорум», павінны пераканаць грамадства ў тым, што палітычная апазіцыя здольная распрацоўваць рэформы. Прычым не на ўзроўні лозунгаў, а на ўзроўні канкрэтных, прадуманых крокаў. І як раз вынікі працы нашага Форуму ў рамках гэтага праекту павінен стаць адказам грамадству.

—Адзіны накірунак, над якім пачнуць працаваць эксперты, абавязкова павінен быць вызначаны 15 ліпеня? Ці магчымы варыянт, пры якім дыскусіі Форуму палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці могуць быць прадоўжаны?

—Абмежаванняў няма і пасяджэнняў можа быць столькі, колькі трэба. Аднак я спадзяюся, што на наступным пасяджэнні мы зможам абраць адзін накірунак. У тым ліку і для таго, каб у экспертаў засталося больш часу дл я працы над ім. Таму, мяркую, што 15 ліпеня мы вызначымся.

  • Оцени статью:
  • Проголосовало: 7
  • Балл: 4.9