Палітолаг: Без інтэграцыі з суседзямі Беларусь будзе занадта зручнай краінай для маніпулявання

Развіццё краін «трэцяга свету» прымусіла Захад павярнуцца тварам да Кітая і Індыі, якія адыгрываюць усё большую ролю. Якім чынам Беларусі ўпісацца ў новую эканамічную і палітычную сітуацыю ў свеце?

— Калі дваццаць год таму для постсавецкіх краін было істотна падтрымаць пераход ад сацыялістычнай планавай эканомікі да рынкавай і імкнуцца да дэмакратызацыі, то зараз у многіх краінах гэты транзіт ужо адбыўся, — адзначае дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. — Эканамічнае і палітычнае значэнне Усходняй Еўропы памяншаецца.

Гэтая тэндэнцыя, на думку палітолага, будзе ўплываць і на Беларусь, якая з'яўляецца інтэграванай часткай Усходняй Еўропы. Краіна можа працягваць нарошчваць адмысловыя стасункі, да прыкладу, з Кітаем. Але развіваючы іх, нельга дапусціць ізаляцыі Беларусі.

— Беларусі трэба больш увагі надаваць развіццю стасункаў з Захадам, бо гэта больш блізкі нам рэгіён з палітычнага, эканамічнага і культурнага пункту гледжання, — лічыць палітолаг. — Толькі так Беларусь зможа больш эфектыўна развіваць свае стасункі з новымі звышдзяржавамі. Без інтэграцыі з суседзямі яна будзе занадта зручнай краінай для маніпулявання, а не для раўнапраўнага супрацоўніцтва.

Палітычная і эканамічная роля краіны і рэгіёна ў свеце стане адным з асноўных накірункаў працы IV Міжнароднага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які пройдзе з 3 па 5 кастрычніка 2014 года з удзелам навукоўцаў з розных краін свету.

Другі блок працы будзе звязаны з палітыкай памяці, бо гісторыя для Беларусі застаецца важнай праблемай.

У гэтым годзе Кангрэс плануе надаць больш увагі пытанням гістарычнай памяці. Сярод іх – тэмы Аршанскай бітвы, вызвалення Мінска, паўстанне 1794 года і пачатак Першай сусветнай вайны – у сувязі з юбілеямі гэтых падзей. Будуць таксама разглядацца досвед правядзення ў Беларусі мясцовых выбараў за перыяд незалежнасці і праблемы мясцовай палітыкі Беларусі.

— Мы плануем правесці выставу, прысвечаную святкаванню Аршанскай бітвы 1514 года. На ёй будуць прадстаўлены фотаздымкі, відэаматэрыялы і артэфакты, звязаныя са святкаваннем гэтай даты з канца 1980-х гадоў, — расказвае Андрэй Казакевіч, які з’яўляецца старшынёй арганізацыйнага камітэту Кангрэсу.

Арганізатары Кангрэсу абяцаюць, што на ім будуць прадстаўлены вялікі гістарычны блок, секцыі па лінгвістыцы і іншым гуманітарным дысцыплінам.

Каб стымуляваць актыўнасць лідараў акадэмічнай супольнасці і вызначыцца з тэмамі, вясной пройдуць конкурсы.

— Зараз адкрыты два конкурсы. Да 20 сакавіка арганізаваны збор заявак на стварэнне секцый па розных дысцыплінах і тэмах, а таксама на арганізацыю круглых сталоў, майстар-класаў і прэзентацый. І да 15 сакавіка адкрыты конкурс на атрыманне Прэміі за лепшую публікацыю ў галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін 2014 года, — распавядаюць арганізатары.

Прэміі плануюць уручаць па трох намінацыях: сацыяльныя і палітычныя навукі, гуманітарныя навукі і гісторыя. У адрозненні ад мінулага году будзе асобна выдавацца прэмія за манаграфіі і навуковыя артыкулы.

Даведацца аб дэталях конкурсаў можна на сайце «Палітычнай сферы».

+ Почему белорусских исследователей-гуманитариев не знают за рубежом?

  • Оцени идею:   
  • Проголосовало "ЗА": 5
  • "ПРОТИВ" : 0